Вучым і чытаем вершы на беларускай мове
Максім Танк
Ехаў казачнік Бай
— Ён пытаўся ў мяне:
— Што даць дзецям у сне? —
Баіць ці не?
— Бай!
— Я прасіў: дзецям дай
Казку-песеньку, Бай!
Баіць ці не?
— Бай!
— А найлепшую з іх
Дам для самых малых.
Баіць ці не?
— Бай!
Тым хто любіць мяне
І хто першы засне. —
Баіць ці не?
— Не!
Калыханка
Ірынка
Ірынцы спадабалася
Цудоўная вясна.
Як восені даждалася,
Пайшла прасіць яна,
Прасіць нябёс ня хмарыцца,
Вятроў — не галасіць,
Срабрыстых росаў раніцай
На травах не гасіць;
Каб сонейка высокае
Сьвяціла на палі,
А кветкі сінявокія
Зноў на лугох цьвілі;
Прасіць сям'ю крылатую
Зь лясоў не адлятаць,
Бярозку расахатую
Лістоў не атрасаць...
Прасіла яна шчыра так,
Прасіла ўсю зіму,
І мо' вясна аж з выраю
Вярнулася таму.
Вярнулася, пяе ізноў
Зь бярозкай над ракой,
Пяе сярод дуброў, лугоў
Зь Ірынкаю малой.
Якуб Колас
Дзед Мароз
Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам,
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым снежным блескам.
Сыпле іней на бярозы,
Туліць дрэвы лёгкім пухам,
Крые руні, травы, лозы
Белай посцілкай-кажухам.
Дзеда ўсюды носяць ногі,
І к нам прыйдзе на хвілінку
Адпачыць крыху з дарогі,
Важна сеўшы на ялінку.
А ялінка!.. Чаго толькі
На яе няма галінках!
Свецяць зоркі і вясёлкі
У бліскучых павуцінках.
Тут лісічка, зайчык, мышка,
Рыбкі, буслік доўгавязы.
А як ззяюць на ёй шышкі,
Нібы ў іх гараць алмазы!
Каля ёлкі карагоды,
Песні, гутарка жывая,
А той дзед белабароды
Толькі ў вусы смех пускае.
Дык рассунем кола шырай,
Патанцуем на памосце,
Песняй звонкай, песняй шчырай
Прывітаем дзеда-госця.
На рэчцы зімою
Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому:
Кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому.
– Мамачка-галубка! – просіць сын так міла.
– Можа б, ты на рэчку пагуляць пусціла?
Я не буду доўга, зараз жа вярнуся,
Трошачкі на рэчцы ў санках паважуся.
– Ну, ідзі, пабегай, толькі апраніся
Ды, глядзі, ў палонку, сынку, не ўваліся.
Радасць і раздолле хлопчыку малому
І не пазайздросціць ён цяпер нікому!
На плячо – сякерку, саначкі – у руку,
Хлеба ўзяў акрайчык. – Цюцік! – свіснуў Жуку.
Пад скарынкай лёду тут жа, каля хаты,
Працякала рэчка скрозь лясныя шаты.
Побач той рачулкі кучы буралому,
І застыла рэчка мёртва, нерухома.
– Эй ты, лёд-гвалтоўнік! Што ты вытвараеш?!
Ты нашто вадзіцу крыўдзіш, ушчуваеш?
Дам ёй ход, дарогу, каб на свет зірнула!
І яго сякерка спрытна секанула.
Звякае сякерка, глуха стук нясецца.
Раптам клуб вадзіцы з-пада дна ўзаўецца.
Коціцца вадзіца, іней падымае
Ды такую казку-байку хлопцу бае!
На рачулцы ў лесе меў Алесь забаву.
Ну ж і пацяшаўся хлопчык тут на славу!